Четверг, 28.03.2024, 12:02
Приветствую Вас Гость | RSS
Минский клуб домашнего виноделия
Главная » 2012 » Ноябрь » 26 » Паралельны сьвет. Андрэй Мароз: «Віно — пляскатае, а піва — трохмернае»
11:14
Паралельны сьвет. Андрэй Мароз: «Віно — пляскатае, а піва — трохмернае»

Што рабіць аматарам смачнага піва ў Беларусі? Адзінае выйсце — варыць яго на ўласнай кухні. Так лічыць біяхімік Андрэй Мароз, які стварыў Клуб хатніх бровараў на знак пратэсту супраць піўных мегакарпарацый.


— Андрэй, што вам зрабілі піўныя манапалісты?

— Праблема вялізных прадпрыемстваў у тым, што ім вельмі накладна эксперыментаваць. Чакаць ад іх цікавага піва, нейкіх экзатычных смакаў не выпадае. Існуе каля 80 стыляў піва. А што мы можам знайсці на паліцах беларускіх крамаў? Лагер, пшанічнае піва, балтыйскі портар, якога варыцца ў нас усяго некалькі гатункаў, ну і стаўт, калі яшчэ той Guinness да нас давязуць. Нават у крамках, дзе прадаецца разліўное піва невялікіх бровараў, маем тую ж «разнастайнасць» — светлае фільтраванае і нефільтраванае, цёмнае, пшанічнае. Сумна. Застаецца толькі варыць сваё піва, як гэта робяць у Англіі ці Амерыцы. Ва ўсім свеце хатняе броварства вельмі папулярнае, і я падумаў: а чаму гэтага няма ў нас?

— Хто гэтыя гаспадары хатніх бровараў, удзельнікі вашай суполкі?

— Нейкі сацыяльны зрэз цяжка акрэсліць — сярод іх і бізнэсоўцы, і людзі, якія працуюць на заводзе. Суполка была створаная сёлета ў траўні, спачатку нас было тры чалавекі, цяпер — 25 толькі тых, хто актыўна варыць піва, а яшчэ шмат людзей, якія пакуль проста цікавяцца. У лістападзе мы правялі першую сустрэчу ўдзельнікаў клуба з дэгустацыяй. Там было прадстаўлена 9 гатункаў портара: 7 зробленых нашымі хатнімі броварамі і 2 камерцыйныя — «Аліварыя» і «Лідскае». Паводле сляпой дэгустацыі 25 гасцей конкурсу паставілі «Аліварыю» на 4-е месца, а «Лідскае» — на 5-е. Так што мы варым піва менш як год, а некаторыя бровары ўжо пераўзыходзяць камерцыйныя маркі. Дарэчы, у свеце шмат прыкладаў, калі прадстаўнікі буйных прадпрыемстваў, пакаштаваўшы хатняе піва на нейкіх фестывалях, прапануюць прыватнаму бровару ўзнагароду за выкарыстанне вынайдзенага ім рэцэпта.

— І наколькі вялікую прастору для эксперыментаў дае броварства?

— Для першай дэгустацыі быў абраны портар, наступным разам, у сярэдзіне студзеня, будзем варыць ангельскі прэміяльны бітар. Плануем паспрабаваць як мага больш розных стыляў. Насамрэч піва па аб’ёме смаку і творчай прасторы дасць фору віну, таму што ў віна два вымярэнні — вінаград і дрожджы. А ш піва — солад, хмель і дрожджы. То бок віно — пляскатае, а піва — трохмернае. Аднаго толькі соладу існуе каля 50 гатункаў. У эксперыментах, вядома ж, трэба ведаць меру. У кагосьці атрымаецца дзіўны портар з анісам, а хтосьці дадасць у ірландскі чырвоны эль карыцу, і таксама будзе цікавы смак. Я аднойчы варыў піва з перцам чылі, якое з вялікай радасцю дарыў сябрам для сагравання, бо ад аднаго куфля адчуванне было такое, быццам у лазню схадзіў.

— Якія традыцыі беларускага броварства вы імкняцеся адраджаць?

— Беларуская традыцыя броварства, зразумела, вельмі падобная да літоўскай. Піва варылася ў асноўным з пшаніцы, а таксама з ячменю, жыта, гароху. Піва заўсёды было хатнім напоем, які, як і ежу, гатавалі жанчыны. Толькі з індустрыяльнай рэвалюцыяй гэта ўсё выйшла на прамысловыя рэйкі. Ёсць статыстыка, што шляхціч у ВКЛ ужываў у сярэднім адзін гарэц піва на дзень —гэта каля чатырох літраў. Маецца на ўвазе расходнае піва, якое было трохі мацнейшым за сучасны квас — 2-2,5%. Вада была небяспечная, тэхналогіі ачысткі не існавала, а ў піве не выжываюць шкодныя бактэрыі. Лічыцца, што віно — вельмі старажытны напой, але самыя раннія артэфакты, звязаныя з віном, вядомыя з 10 тысяч гадоў да н.э., а з броварствам — 20 тыс. гадоў да н.э. То бок нават тады людзі ўжо маглі ля вогнішча з зерня зрабіць алкагольны напой накшталт сучаснага піва. У старажытным Егіпце півам выдаваўся штодзённы заробак будаўнікам пірамідаў. Мала хто ведае, што егіпецкае піва называлася каш, адсюль пайшло ангельскае слова cash — грошы.

— Беларусы — піўная нацыя? Ці можна ўвогуле казаць пра нейкую культуру ўжывання піва?

— Гістарычна беларусы былі піўной нацыяй — усялякіх налівак, настоек і самагонаў у даўнія часы ў параўнанні з півам ужывалася няшмат, што дагэтуль захавалася ў заходніх славянаў — чэхаў, напрыклад. Але за гады каланіяльнага жыцця пад уладай Маскоўскай імперыі на нас паўплывалі ўсходнія традыцыі ўжывання алкаголю, калі кожнае свята — гарэлка, сівы нос, песні, бойкі і г.д. Насамрэч гэта беларусам не ўласціва, гэта нанесенае. Дарэчы, піва ў невялікіх дозах (недзе паўлітра на дзень) нават карыснае для арганізму. Людзі, якія займаюцца півам, разумеюць, што піўны алкагалізм — міф. Алкагалізм — хвароба, якая не залежыць ад моцы напою.

Сёння вялікія карпарацыі агрэсіўнай рэкламай ствараюць піву карму такой жоўценькай піткой вадзічкі з бурбалкамі без водару і смаку, ужываць якую трэба ў колькасці тры літры, а меней няма ніякага сэнсу. Людзі не выстаўляюць да смаку піва столькі патрабаванняў, як да смаку віна, напрыклад. Тым часам многія сучасныя самелье кажуць, што піва пасуе да ежы нашмат лепш за віно. Ёсць такое класічнае спалучэнне — чырвонае віно з сырам, але гэта насамрэч абсалютна несумяшчальныя рэчы. Людзі бяруць тлусты сыр, забіваюць ім усе свае рэцэптары, а потым смакуюць віно, нічога не адчуваючы. Што будзе, калі, напрыклад, да сыру чэдар мы возьмем ангельскі стары эль? Сыр абвалаквае рэцэптары, але хмель прарубаецца праз гэты тлушч і раскрывае новыя пласты смаку.

Насамрэч з 1980-х гадоў у ЗША ідзе адраджэнне піўной культуры, існуе шмат малых бровараў, і пабачыць хэнд-мэйд піва па 10 еўра за бутэльку — звычайная рэч, бо на ім ніхто не эканоміў, яно эксклюзіўнае.

— Якое піва можна лічыць добрым, а якое дрэнным?

— Ну ўвогуле калі вам прыемна п’ецца, то гэта і ёсць добрае піва для вас. Снобы, вядома ж, лічаць, што піва меней чым па 5 еўра за бутэльку — гэта не піва. Насамрэч нават беларускія заводы робяць досыць добры еўрапейскі лагер. Часам кажуць, што калі ў піва дададзены цукар, яно кепскае, бо нямецкі закон Райнхантсгебот гаворыць, што піва павіннае варыцца толькі з ячменю, вады і хмелю. Але міф вакол гэтага закону стварылі маркетолагі, каб зрабіць легендарнай чысціню нямецкага піва. Насамрэч у ангельскай і бельгійскай культуры броварства дапускаецца дадаванне цукру — трысняговага, неачышчанага, патакі. Але толькі для гульні са смакам, а не для таннага павелічэння моцы, як гэта могуць рабіць на беларускіх заводах.

— А якое вашае любімае піва, апроч хатняга?

— Больш за ўсё люблю бельгійскае піва, маё ўлюбёнае — Rochefort 10, зваранае манахамі ў Тракійскім бровары. Гэта цёмны квадрупель з канцэнтраваным смакам і моцай каля 10%. Можна задаволіцца адным куфлем.

— Хатняе броварства даступнае кожнаму альбо гэта забава для асабліва адданых фанатаў? 

— Насамрэч гэта вельмі просты працэс. Любы чалавек, здольны зварыць кашу і наліць гарбату, зможа прыгатаваць сабе піва. У рэкламах нам паказваюць нейкія складаныя прадпрыемствы, танкеры, трубы, паўсюль медыцынская чысціня, бясконцы кантроль, усе ходзяць у бахілах. Але ва ўмовах кухні ўсё гэта замяняецца вываркай, парай трубак і тэрмометрам. Сам працэс — гэтыя нескладаныя працэдуры, водары, якія разносяцца па кватэры, — мае вельмі моцны медытатыўны складнік. А вынік — прыемнасць частаваць сяброў напоем, зробленым сваімі рукамі.

Андрэй Мароз — біяхімік, кандыдат навук. Вучыўся ў Нямеччыне, працаваў у Новай Зеландыі. Адзіны ў Беларусі шатландскі дудар.

Аляксандра Дорская

Просмотров: 1349 | Добавил: DzedFyodar | Теги: Піва | Рейтинг: 0.0/0

Поделиться:
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Регистрация | Вход ]
Меню сайта
Форма входа
Поиск
Календарь
«  Ноябрь 2012  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930
Облако тегов
віно кніга форум законодательство бочка бутыль изготовление клюква рецепты малина дегустация пробка пітны мёд Старка гарэлка игристое вино актинидия коломикта лимонник китайский мёд виноград купаж наліўка Черная смородина шиповник парэчка «Химия и жизнь» История кальвадос настойка Крупнік ніліўка рэцэпт смородина встреча винный погреб Чернила акцыі шампанскае шампанское Стокгольм божоле Франция вино фигура эксперимент праздник битва САМОГОН Самогонка Брага закон подделка бырло Запрет львов фестиваль декупаж бутылка графин тара Коллекция Піва сомелье бырла
Архив записей
ДРУЗЬЯ
"Belpohod.info" - Активный туризм в Беларуси
Наша реклама
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0